БАРЫ́САЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1924. Утвораны ў складзе Мінскай губ. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Барысаў. Пл. 10182,5 км², нас. 240 764 чал. (1897). У 1917 павет уключаў 28 валасцей: Бытчанскую, Бягомльскую, Бярэзінскую, Валасевіцкую, Велікадолецкую, Вітуніцкую, Восаўскую, Вяляціцкую, Гайнаслабодскую, Глівінскую, Дзмітравіцкую, Докшыцкую, Зачысцкую, Зембінскую, Кішчынаслабодскую, Красналуцкую, Лагойскую, Лошніцкую, Мільчанскую, Мсціжскую, Плешчаніцкую, Прусавіцкую, Смалявіцкую, Тумілавіцкую, Ухвальскую, Халопеніцкую, Эсьмонскую, Юр’еўскую. У сак. 1921 Докшыцкая, Тумілавіцкая і частка Мільчанскай вол. (2-я частка перайменавана ў Горненскую вол.) адышлі да Польшчы; з Вілейскага пав. ў Барысаўскі павета перададзена Крайская вол. У чэрв. 1924 далучаны Лукомская і Чарэйская вол. са скасаванага Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большая частка валасцей уключана ў Барысаўскую акругу.
т. 2, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)